Жылуновіч Зміцер Хвёдаравіч
Жылуновіч Зміцер Хвёдаравіч (псеўд. Гартны Цішка, 1887-1937) - дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР, гісторык, публіцыст, пісьменнік, акадэмік АН БССР (1928). У лютым-снежні 1918 г. галоўны сакратар, загадчык выдавецкага адзела Белнацкама, рэдактар газеты "Дзянніца"-першай савецкай газеты на беларускай мове. Удзельнік стварэння ССР Беларусі, аўтар маніфесту аб яе абвяшчэнні. З 1 студзеня да 2 лютага 1919 г. старшыня Часовага рабоча-сялянскага Ўрада Беларусі. Член прэзідыума Інбелкульта. З 1934 г. член Саюза пісьменнікаў БССР. У сувязі з абвінавачваннямі З.Х. Жылуновіча ў "нацыянал-дэмакратызме" 16 студзеня 1931 г. пастановай ЦКК КП (б)Б выключаны з партыі, 15 лістапада 1936 г. арыштаваны органамі НКУС БССР. У мінскай турме Жылуновіча катавалі. 7 красавіка 1937 г. перавялі ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе Жылуновіч і памёр ад гангрэны лёгкіх ці скончыў жыццё самагубствам. 15 кастрычніка 1955 г. крымінальная справа па абвінавачванню Жылуновіч спынена пастановай Пракуратуры БССР за недаказанасцю складу злачынства. Паўторная рэабілітаваны 10 верасня 1987 г., адноўлены ў КПСС у 1988 г.